Дзяржаўная ўстанова «Старадарожскі гісторыка-этнаграфічны музей»

Дырэктар: Бацылева Наталля Рыгораўна

Музей быў адкрыты 1 красавіка 1999 года. З 2002 года размяшчаецца ў Палацы культуры г. Старыя Дарогі. Фонды музея захоўваюць жывапісныя палотны земляка, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР I.Н. Стасевіча, працы знакамітых беларускіх графікаў і майстроў медальернага мастацтва А. Кашкурэвіча, Я. Ціхановіча, С. Іеруса, С. Гарбуновай, драўляную скульптуру разьбяра I. Лізура. У выставачнай зале музея праходзяць выставы, прэзентацыі і майстар-класы, лекцыі і экскурсіі, тэматычныя музейныя ўрокі, пазнавальна-гульнёвыя праграмы, акцыі і сустрэчы.


У 2011 г. музей выйграў грант Мінскага абласнога выканаўчага камітэта «У падтрымку больш значных праектаў у галіне культуры і мастацтва» для стварэння пастаяннай экспазіцыі музея, прысвечанай гісторыі дарог і паштовай службы. Адноўлены памяшканні паштмайстарскай, кузні, карчмы. У стэндах і вітрынах змешчаны архіўныя дакументы, матэрыялы і фатаграфіі па гісторыі будаўніцтва найважнейшых аб'ектаў XIX ст.: Маскоўска-Варшаўскага гасцінца і Лібава-Роменскай чыгункі, з якімі звязана гісторыя станаўлення мястэчка Дарогі.


Экспазіцыя дэманструе, як працавалі ў XVIII-XIX стст. пошта і заезны двор. Усе элементы інтэр'еру максімальна набліжаны да тагачасных.

У лютым 2016 года быў адкрыты другі раздзел экспазіцыі музея «Матэрыяльная і духоўная культура беларуса-сакуна пач. ХХ ст.» Створана суцэльная, унікальная этнаграфічная экспазіцыя, якая аднаўляе быт сакуноў, якія пражывалі на тэрыторыі Старадарожчыны, захаваўшы тым самым цікавыя і важныя рысы самабытнасці гэтай этнакультурнай супольнасці. Вельмі каштоўнымі з'яўляюцца этнаграфічныя партрэты І.Сербава, беларускага гісторыка, этнографа, фалькларыста. Гэтыя фотадакументы - бескаштоўная крыніца візуальнай інфарфармацыі аб тым, якой была Беларусь у пачатку ХХ ст. Неабходна адзначыць, што ў экспазіцыі прадстаўлены экспанаты - арыгіналы, якім больш за 100 год.